Вiртуальны кабiнет

беларускай мовы i лiтаратуры

 

 

 
 

 

Упраўленне адукацыі, спорту і турызму Магілёўскага гарвыканкама даводзіць да ведама зацікаўленых, што ў 2017/2018 навучальным годзе (пры наяўнасці заяў законных прадстаўнікоў дзяцей) плануецца адкрыццё першых класаў з беларускай мовай навучання на базе дзяржаўных устаноў адукацыі «Сярэдняя школа № 1 г. Магілёва» (вул. Першамайская, 24), «Сярэдняя школа № 34 г. Магілёва» (вул. Габраўская, 16).

Акрамя таго, у наступным навучальным годзе працягне працаваць другі клас з беларускай мовай навучання на базе дзяржаўнай установы адукацыі «Сярэдняя школа № 34 г. Магілёва» (вул. Габраўская, 16), 8 клас з беларускай мовай навучання – на базе дзяржаўнай установы адукацыі «Сярэдняя школа № 1 г. Магілёва» (вул. Першамайская, 24).

Па пытаннях навучання дзяцей у гэтых класах трэба звяртацца па тэлефонах 22 12 64, 31 07 85 («Сярэдняя школа № 1 г. Магілёва»); 24 52 29, 24 50 15, 24 52 61 («Сярэдняя школа № 34 г. Магілёва»).  

 

08.12.2017


7 снежня вучняў 2-х класаў школьная бібліятэка запрасіла ў літаратурную вандроўку па старонках дзіцячых часопісаў "Вяселка" і "Бярозка". Дзеці пазнаеміліся з рубрыкамі выданняў, чыталі казкі, вершы, з задавальненнем адгадвалі загадкі, разгадвалі крыжаванкі.  



 

30.11.2017

Па чым прасцей за ўсё пазнаць, што мы беларусы? Найлягчэй гэта пазнаць па нашай мове. Мова злучае людзей у адзін народ.

Беларуская мова – адна з найчысцейшых і найпрыгажэйшых у славянскай сям’і моў. Яна мілагучная і вельмі спеўная.

Хто не шануе родную мову, той не шануе ні сябе самога, ні свой род, ні сваіх дзядоў, бацькоў, якія беларускую мову стваралі, на ёй размаўлялі.

Цяжкі лёс выпаў на долю беларускай мовы, многа выпрабаванняў давялося ёй пераадолець. А дапамаглі нам зберагчы родную мову нашы славутыя землякі: друкары, пісьменнікі, паэты…

У 1517 годзе славуты першадрукар Францыск Скарына выдаў першую кнігу – “Псалтыр”. Невыпадкова была выбрана гэта кніга. Апрача таго, што яна мела рэлігійнае прызначэнне, яна была, па сутнасці, першым беларускім букваром. У 2017 годзе адзначаецца 500-годдзе беларускага кнігадрукавання.

У сувязі з гэтай юбілейнай датай 30 лістапада 2017 года ў гімназіі для вучняў 8-9 класаў прайшла гадзіна інфарміравання “5 фактаў з жыцця і дзейнасці Францыска Скарыны”. У ходзе гэтага мерапрыемства вучні даведаліся пра цікавыя факты з жыцця і дзейнасці Францыска Скарыны, пра той вялікі след, які пакінуў першадрукар, асветнік і вучоны пасля сябе. Вучань 9 “А” класа Асяпцоў Аляксандр падрыхтаваў завочнае падарожжа па мясцінах Францыска Скарыны і пазнаёміў вучняў з гравюрамі Скарыны. Вучаніца 9 “А” класа Кручыніна Валерыя нядаўна была на экскурсіі ў Мінску, дзе ёй удалося надрукаваць аркуш з Бібліі Скарыны на абсталяванні, падобным таму, якім карыстаўся Скарына ў сваёй друкарскай справе, і фарбай, якая па сваім складзе была такая ж, як і фарба, якой друкаваў гэты славуты дзеяч. Валерыя падзяліліся сваімі ўражаннямі ад друкавання з гімназістамі і прадставіла відэаролік і вынік сваёй працы – друкаваны аркуш з твора Скарыны. Даведаліся вучні і аб тым, што да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання выйшаў у свет кінафільм “Шторм”, у якім паказаны захапляючыя прыгоды друкароў ХVІ стагоддзя. З 27 кастрычніка кінастужка ідзе ў кінатэатрах Беларусі. А расказалі аб гэтым і падзяліліся сваімі ўражаннямі ад прагляду фільма вучні 9 “А” класа Войнаў Аляксандр і Пеліх Мікіта. Мерапрыемства спадабалася вучням, не пакінула нікога абыякавым.

У лістападзе 2017 года адзначалася і яшчэ адна знакавая падзея: 135-годдзе з дня нараджэння Якуба Коласа. 30 лістапада 2017 года ў гімназіі прайшоў цэлы шэраг мерапрыемстваў, якія былі прымеркаваны да гэтага юбілею.

Для вучняў восьмых класаў прайшла віктарына па творчасці Якуба Коласа “Мой родны кут, як ты мне мілы!..” Вядучай гэтага мерапрыемства была вучаніца 8 “А” класа Грыгор’ева Дзіяна. У ходзе віктарыны васьмікласнікі прыгадалі дзеючых асоб і самыя яркія эпізоды паэм “Новая зямля” і “Сымон-музыка”, мясціны, апісаныя Коласам у паэме “Новая зямля”, назвалі вобразныя сродкі, ужытыя ў гэтай паэме, вызначылі вершаваны памер, якім напісана “Новая зямля”…

Для вучняў дзявятых класаў было арганізавана мерапрыемства “Маці Беларусь, твой сын жыве!”, на якім вучні пазнаёміліся з яркімі старонкамі жыцця і творчасці Якуба Коласа, пачыталі на памяць вершы гэтага славутага песняра, паслухалі песні на словы гэтага аўтара.

Для вучняў 5 – 11 класаў прайшоў конкурс чытальнікаў вершаў Якуба Коласа. На ім вучні прадэманстравалі цудоўнае валоданне беларускім мастацкім словам, артыстызм, глыбокае разуменне зместу твораў, уменне пры чытанні бачыць і паказваць аўтарскую пазіцыю.

Адзінаццацікласнікі падрыхтавалі вусны часопіс “Якуб Колас для дзяцей” і прадставілі яго вучням 7 класаў. Часопіс вельмі спадабаўся рабятам. Яны з цікавасцю слухалі творы Якуба Коласа, удзельнічалі ў віктарыне, рабілі інсцэніроўкі твораў гэтага славутага аўтара. Таксама вучні 11 класаў удзельнічалі ў міні-алімпіядзе, прысвечанай 135-годдзю з дня нараджэння Якуба Коласа. Перамагла каманда 11 “Б” класа.

Вучні 5 “Б”, 5 “Г”, 7 – 11 класаў прынялі ўдзел у конкурсе малюнкаў “Чытаючы Коласа”. Пераможцамі яго сталі наступныя гімназісты: Антонава Анастасія (8 “А” клас), Дзенісенка Крысціна (8 “А” клас), Крына Ганна (8 “В” клас), Каладзінская Ірына (8 “В” клас), Брацішчава Дар’я (9 “А” клас), Макоўская Марыя (10 “Б” клас), Сыса Лізавета (10 “Б” клас), Тарасава Юліяна (10 “Б” клас), Качанава Анастасія (10 “В” клас). Лепшыя ілюстрацыі ўпрыгожвалі дошку на мерапрыемствах, прысвечаных Якубу Коласу.

У фае гімназіі быў аформлены стэнд, на якім змешчана цікавая інфармацыя пра Францыска Скарыну, Якуба Коласа і іх дзейнасць, а таксама размешчаны газеты, прысвечаныя жыццю і дзейнасці Якуба Коласа, якія выпусцілі вучаніцы 8 “В” класа Церагулава Ганна, Кочкіна Кацярына, Радзевіч Дзіяна, Міхалёва Таццяна, Чубікава Дар’я, Каладзінская Ірына, Крына Ганна.

Выражаем падзяку ўсім, хто 30 лістапада прыняў удзел у мерапрыемствах, прысвечаных нашай роднай мове, беларускай літаратуры, славутым дзеячам Беларусі, а таксама тым, хто маляваў малюнкі, падбіраў інфармацыю і афармляў газеты, стэнд.

Усе мерапрыемствы садзейнічалі выхаванню павагі і любові да роднай мовы, культуры, традыцый беларускага народа, павагі да творчасці Якуба Коласа, да дзейнасці Францыска Скарыны.

18-19 лістапада прайшоў ІІ (гарадскі) этап Рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове і літаратуры сярод вучняў 9-11 класаў. Пераможцамі гэтага этапу сталі наступныя гімназісты: вучаніца 9 “Б” класа Бурачэўская Карына (дыплом І ступені), вучаніца 10 “Б” класа Макоўская Марыя (дыплом І ступені), вучаніца 9 “Б” класа Шаўцова Юлія (дыплом ІІІ ступені), вучаніца 10 “Б” класа Мацюліна Ганна (дыплом ІІІ ступені). Віншуем пераможцаў і выражаем падзяку ўдзельнікам алімпіяды: вучаніцам 10 “А” класа Захарчанка Таццяне і 11 “А” класа Шутавай Юліі. Жадаем наступных поспехаў у вывучэнні беларускай мовы і літаратуры.

23.11.2017

 

Беларускамоўны дзень прыродазнаўства

З 20 па 25 лістапада ў гімназіі № 2 праходзіць Тыдзень прыродазнаўства.

23 лістапада з самай раніцы фае гімназіі ўпрыгожылі сценгазеты на хімічную і біялагічную тэматыку на беларускай мове. На працягу дня вучні маглі пазнаёміцца з інфармацыяй “Беларуская мова і прыродазнаўства”, праверыць свае веды па хімічнай тэрміналогіі на беларускай мове.


Вучні старэйшых класаў прынялі ўдзел у інтэрактыўным фотаконкурсе “Прырода Беларусі”. Жывапісныя мясціны роднага краю не пакінулі абыякавымі гледачоў.

 На перапынках гімназісты мелі магчымасць паказаць сваю кемлівасць і веданне роднай мовы пры разгадванні рэбусаў.

На віртуальную экскурсію адправіліся вучні хіміка-біялагічнага класа, дзе пазнаёміліся з хімічнымі прадпрыемствамі Беларусі.  

 

09.11.2017

 

Цікавая кніга заўсёды вартая таго, каб яе прачыталі. Безумоўна, заслугоўваюць чытацкай увагі творы вядомых беларускіх пісьменнікаў, майстроў мастацкага вобраза, мастацкага слова.

Для вучняў 5-х класаў загадчык бібліятэкі разам з педагогам-арганізатарам гімназіі №2 правялі прэзентацыю кніг беларускіх пісьменнікаў для дзяцей сярэдняга школьнага ўзросту з мэтай папулярызацыі беларускай літатратуры, прывучэння да чытання твораў на роднай мове.

Дадаткова ў бібліятэцы гімназіі была аформлена выстава “Беларускія пісьменнікі – дзецям”, на якой былі прадстаўлены творы рознай тэматыкі: прыгодніцкія , фантастычныя, ваенна-патрыятычныя, а яшчэ - казкі, вершы, байкі.

Вядомыя беларускія пісьменнікі М. Лынькоў, В. Вольскі, І. Сяркоў, У. Караткевіч і іншыя ў сваіх творах апавядаюць пра тое, што хвалюе кожнага з нас: гераічнае мінулае краіны, чалавек і прырода. Берагчы, абараняць Радзіму, памнажаць яе багацце – наш абавязак.

Дзеці з цікавасцю слухалі ўрыўкі з твораў, разважалі на тэму душэўнай прыгажосці, любові да роднай прыроды, адвагі і адданасці Радзіме.  

 

02.11.2017

 

У час восеньскіх канікул вучні малодшых класаў гімнаазіі наведалі «Беларускую хатку» ў ГДК. Дзеці вярнуліся з прыемнымі ўражаннямі ад убачанага. Вучні даведаліся пра традыцыі і рамяство беларусаў, апрабавалі ў рабоце гаспадарчы інвентар, сталі непасрэднымі ўдзельнікамі беларускіх абрадаў і гульняў.

Таксама ў межах Адзінага дня беларускай мовы ў прышкольным лагеры “Дружба” гімназіі праводзіліся чытанкі твораў беларускіх пісьменнікаў, конкурс малюнкаў “Беларусь мая сінявокая”, беларускія народныя гульні.  

 

 

 

26.10.2017

 

«На роднай мове размаўляю”

26 кастрычніка ў дзяржаўнай установе адукацыі “Гімназія № 2 г. Магілёва” прайшоў турнір знаўцаў роднай мовы “Не проста ў словы я гуляю – на роднай мове размаўляю”.

Мерапрыемства спрыяла далучэнню дзяцей да культурных, гістарычных традыцый беларускага народа, выхаванню беражлівых адносін да прыроды роднага краю, да нашай Радзімы.

Спаборнічалі паміж сабой тры каманды: Вераснёўцы, Кастрычнічкі і Лістападнікі. Удзельнікі адгадвалі загадкі, канструявалі словы, нават складалі вершы. Апошні конкурс “Завяршы прыказку” асабліва спадабаўся вучням, бо ў прыказках раскрываецца душа народа, асаблівасці яго характару, адносіны да працы.

Справядлівае і строгае журы, у склад якога ўвайшлі дзяўчынкі 8 класа, падвяло вынікі. Пераможцы былі ўзнагароджаны дыпломамі.

А галоўнай узнагародай сталі набытыя веды і добры настрой!  

 

12.10.2017

 

Віншуем маму на роднай мове!

Напярэдадні Дня маці ў гімназіі № 2 адбылася акцыя “Віншуем маці разам”.

Вучні мелі магчымасць напісаць віншаванне сваім матулям на святочных паштоўках, якія потым былі дасланы з гімназіі сваім адрасатам. Арганізацыю і правядзенне акцыі ўзялі на сябе вучні старэйшых класаў.

Асабліва актыўнымі былі вучні 5-х класаў. Яны з задавальненнем адгукнуліся на прызыў прысвяціць сваёй матулі вершы і выказванні да Дня маці.

На тыдні, прысвечаным Дню маці, вучні малодшых класаў разам са сваімі настаўнікамі зрабілі некалькі выстаў сваіх малюнкаў: “Маме сонейка ўсміхнецца”, “Мая матуля”.

Раніцай 13 кастрычніка ў фае гімназіі дзеці віншавалі мам з надыходзячым святам Маці і запрашалі на святочны канцэрт, які адбудзецца 14 кастрычніка ў 12.00 у актавай зале гімназіі № 2!  

 

05.10.2017

 

Размаўляем на роднай мове!

У першы чацвер кастрычніка вучні пачатковых класаў дзяржаўнай установы адукацыі “Гімназія№ 2 г.Магілёва” пагарталі старонкі вуснага часопіса “Мой край”. Мерапрыемства было накіравана на прапаганду і папулярызацыю беларускай мовы, выхаванне любові і павагі да роднай Беларусі.

Адной са старонак часопіса была віктарына “Мой родны Магілёў”. Вучні паказалі добрыя веды, з задавальненнем адказвалі на пытанні віктарыны. Яны імкнуліся не толькі як мага больш размаўляць на беларускай мове, але і праявілі кемлівасць, эрудыцыю.

А яшчэ пачаткоўцы чыталі вершы Янкі Купалы і Якуба Коласа, падарожнічалі па гарадах Беларусі.

Завяршылася мерапрыемства моўным турнірам “Роднае Слова”.  

 

28.09.2017

 

Юбілей народных паэтаў Янкі Купалы і Якуба Коласа шырока адзначаецца ў нашай краіне і па-за яе межамі. Вялікія песняры Янка Купала і Якуб Колас – гэта сапраўдны пачатак усіх пачаткаў ў беларускай кльтуры, літаратуры і мастацтве. Яны не толькі знакавая з’ява, якая сведчыць аб вяршынях нацыянальнай творчасці, але і яскравае выяўленне народнага духу, мастацкі ўзор, высокі прыклад, на які не можа не арыентавацца ўся наша нацыянальная культура і мастацкая літаратура.

Маскім Танк, знакаміты паэт Беларусі, вучань і прадаўжальнік дум і ідэй Янкі Купалы і Якуба Коласа, чый 105-гадовы юбілей мы таксама адзначаем у 2017 годзе, пісаў: “Мне хацелася б адзначыць тую вялікую ролю, якую адыгралі ў маім жыцці творы нашых беларускіх класікаў Я.Купалы і Я.Коласа. Толькі дзякуючы ім і народным казкам і песням, якія я чуў ад сваёй маці, ад народа, – я пачаў пісаць на сваёй роднай мове”.

Максім Танк – адно з самых яркіх імёнаў у гісторыі беларускай літаратуры. Паэт-бунтар, паэт-патрыёт, паэт-сатырык, паэт-філосаф, паэт-наватар… А “па жыцці” надзвычай сціплы чалавек, які не любіў гучных слоў і бляску пражэктараў. Паэзія Максіма Танка ўражвае разнастайнасцю тэм, вобразаў, форм, творчым засваеннем нацыянальнай паэтычнай традыцыі і наватарствам. А галоўная тэма, якая праходзіць праз усю творчасць М.Танка, – Радзіма ў самых розных яе праявах: гісторыя і яе адлюстраванне ў легендах і паданнях, праца, песні, мары народа, маляўнічая прырода, мілагучная родная мова. 17 верасня 2017 года Максіму Танку споўнілася б 105 гадоў.

Першы ў Беларусі помнік знакамітаму паэту Максіму Танку адкрыты ў Мядзелі. Бронзавая фігура ў поўны рост усталявана на гранітным пастаменце вышынёй адзін метр. Недалёка ад яе размясціўся валун у выглядзе разгорнутай кнігі, дзе выбіты радкі з верша паэта: “Ёсць адна песня песняў – пра Радзіму”. Помнік збудаваны па праекце скульптараў Івана Міско і Аляксандра Фінскага і архітэктара Армена Сардарава.

Юбілею паэта і быў прысвечаны чацвер, 28 верасня, – Дзень беларускай мовы. У гімназіі на працягу дня прайшоў шэраг мерапрыемстваў. У фае гімназіі сустракаў вучняў стэнд, на якім размясціліся плакаты-пераможцы конкурса, прысвечанага жыццю і творчасці пісьменніка. На перапынках у розных кутках гімназіі вучні змаглі прачытаць выслоўі, выказванні, афарызмы М.Танка пра беларускую мову і яе ролю ў грамадстве і выказванні беларускіх пісьменнікаў пра самаго М.Танка, таксама гімназісты праслухалі па школьным радыёвузле паведамленне “Максіму Танку – 105”.

Сярод вучняў 11-ых класаў прайшла літаратурная віктарына, прысвечаная 105-годдзю з дня нараджэння М.Танка. Спачатку адзінаццацікласнікі праглядзелі фільм “М.Танк пра сябе…”, прэзентацыі, праслухалі вусны часопіс “Пуцявінамі М.Танка”.

Для вучняў 9-ых класаў было арганізавана пазакласнае мерапрыемства Хвіліна памяці “Усё мне тут блізка, знаёма…” Вучні ўспомнілі кароткія звесткі з біяграфіі паэта, праслухалі вершы і ўрыўкі з паэм пісьменніка ў выкананні сваіх аднагодкаў, таксама пазнаёміліся з песняй “Завушніцы” ў выкананні ансамбля “Песняры” на словы М.Танка.

А вучні 8-ых класаў праявілі свае творчыя здольнасці на імправізаванай сцэне. Гледачам малодшых класаў былі прапанаваны для прагляду ўрыўкі-інсцэніроўкі з п’есы “Вечар” А.Дударава.

Пад мелодыі песен на словы Я Купалы і Я.Коласа “Мой родны кут, як ты мне мілы…”, “Спадчына”, “Малітва” і інш. сярод вучняў 5”Б” і 5”Г” прайшоў конкурс чытальнікаў “Чытаем вершы Максіма Танка”. Пераможцы конкурса былі ўзнагароджаны добрымі адзнакамі.

На ўроках вучнямі для сваіх аднакласнікаў былі праведзены інфармацыйныя хвілінкі “Завочнае падарожжа па мясцінах, звязаных з жыццём і творчасцю Максіма Танка”.

Праведзеныя мерапрыемствы садзейнічалі развіццю навыкаў выразнага чытання, літаратурнага густу, вуснага маўлення, фарміравалі ў гімназістаў любоў да роднай мовы, да Радзімы і павагу да творчасці нашых юбіляраў.  

 

21.09. 2017

 

У беларускі чацвер 21 верасня ў дзяржаўнай установе адукацыі "Гімназія №2 г. Магілёва" прайшоў конкурс чытачоў для вучняў малодшых класаў "Гучы, роднае слова".

Найважнейшым прынцыпам арганізацыі гэтага мерапрыемства стала яго выхаваўчая накіраванасць. Юныя ўдзельнікі чыталі вершы беларускіх паэтаў рознай тэматыкі. Гэта спрыяла фарміраванню ў вучняў свядомага ўяўлення аб багацці, непаўторнасці роднага слова, выхаванню грамадзянскасці, патрыятызму і пачуцця нацыянальнай самасвядомасці. Выступленні былі эмацыянальнымі і выразнымі.

Слухачы атрымалі асалоду ад выдатных вершаў, а ўдзельнікі былі ўзнагароджаны дыпломамі.  

 

14.09. 2017

 

14 верасня вучні 7 “А” класа гімназіі №2 наведалі абласную бібліятэку імя Леніна. Там яны прынялі ўдзел у мерапрыемстве пад назвай “Зямля - наш агульны дом”, якое было прысвечана Міжнароднаму дню аховы азонавага слою.

Дзецям быў прапанаваны дакументальны фільм аб праблемах забруджвання Зямлі, азонавага слою, міравога акіяну, пасля якога адбылася размова аб экалагічным стане на планеце.

На рыканцы мерапрыемства вучні прынялі ўдзел у экалагічнай віктарыне.

Для вучняў 4-х класаў бібліятэкары гімназіі №2 правялі прэзентацію  кнігі А.дэ Сэнт-Экзюперы “Маленькі прынц”, якую пераклала на беларускую мову пісьменніца, перакладчык, публіцыст Ніна Мацяш.

Дзеці з цікавасцю слухалі ўрыўкі з твора, разважалі на тэму сяброўства, любові і дабрыні.  

 

07.09. 2017

 

“Гаворым усе, панове, на беларускай мове ”

І зноў сустракаем новы навучальны год. Хочацца верыць, што ён парадуе нас новымі поспехамі і дасягненнямі. Усё залежыць ад нас, ад нашых намаганняў і імкненняў. І адным з напрамкаў працы застаецца папулярызацыя роднай мовы. Вучні 8-ых класаў сёння з раніцы віталі словамі роднай мовы гімназістаў, іх бацькоў і настаўнікаў. Прыгожа і меладычна гучалі з іх вуснаў беларускія вершы. Яшчэ было прапанавана вучням выказаць на роднай мове свае пажаданні ў новым навучальным годзе аднакласнікам і настаўнікам. Вучні гімназіі з задавальненнем прымалі ўдзел у размове і атрымлівалі за гэта маленькае каляровае сонейка на далонь. Акрамя гэтага, на перапынках добры настрой гімназістам стваралі сучасныя беларускія кампазіцыі.  

 

18.05. 2017

 

Старонак друкаваных пачатак

Сёння ў нашай гімназіі адбыўся Дзень навукі, прысвечаны 500-годдзю беларускай кнігі.

Мы ганарымся сваёй культурнай спадчынай і таленавітымі людзьмі. Сярод найбольш яркіх і значных прадстаўнікоў беларускай культуры эпохі Адраджэння вылучаецца асоба Францыска Скарыны. Чалавек выключна шырокай эрудыцыі сэнс сваёй дзейнасці бачыў у служэнні народу. Ён імкнуўся далучыць сваіх суайчыннікаў да здабытку агульначалавечай культуры і рабіў гэта праз кнігі.

У фае гімназіі адбылася прэзентацыя навінак беларускай кнігі, аформлены стэнд, праведзена віктарына для 5-7 класаў “Дрэс-код для старой кнігі”, вусны радыёчасопіс, прэзентацыя творчага праекта вучняў “Ф.Скарына.Эпоха.Людзі”.

У нас багатая гістарычная спадчына! Нам ёсць кім і чым ганарыцца! Шануйце памяць славутых учынкаў вялікіх людзей! Імкніцеся быць карыснымі! Жывіце так, каб і вамі ганарыліся!  

 

11.05. 2017

 

У межах Адзінага дня беларускай мовы ў чацвер 11 мая з вучнямі пачатковай школы ў бібліятэцы гімназіі прайшоў вусны часопіс “Казкі з гербарыя”, прысвечаны 70-годдзю з дня нараджэння пісьменніцы Раісы Баравіковай. На мерапрыемстве дзеці пазнаёміліся з жыццёвым і творчым шляхам аўтара, а яшчэ даведаліся аб раслінным і жывельным свеце Беларусі з яе кнігі “Казкі з гербарыя”. Дзякуючы фантазіі беларускай пісьменніцы, вучні апынуліся ў незвычайным свеце казачнай прыроды, а галоўнае – зразумелі, што прырода велізарны дар, які патрэбна любіць і ахоўваць!  

Баравікова Раіса Андрэеўна нарадзілася 11 мая 1947 года ў вёсцы Пешкі Бярозаўскага раёна Брэсцкай вобласці. У 1965 годзе скончыла Бярозаўскую сярэднюю школу. Працавала ў быхаўскай раённай газеце “Маяк Прыдняпроўя”. Вучылася ў Літаратурным інстытуце імя М. Горкага (Масква), працавала рэдактарам на кінастудыі “Беларусьфільм”, карэспандэнтам штотыднёвіка “Літаратура і мастацтва”, літкансультантам у газеце “Чырвоная змена”. Узначальвала часопіс “Алеся” (“Работніца і сялянка”). Цяпер – галоўны рэдактар часопіса “Маладосць”. Першы зборнік вершаў “Рамонкавы бераг” выйшаў у 1974 годзе. Выдала кніжкі паэзіі “Слухаю сэрца”, “Такое кароткае лета”, “Адгукнуся голасам жалейкі”, “Каханне”, “Пад небам першага спаткання…”, кнігу прозы “Вячэра манекенаў”, для дзяцей – “Галенчыны “Я”, альбо Планета Цікаўных хлопчыкаў”, “Дзве аповесці пра міжпланетнага Пажарніка і казка пра жабяня Квыш-Квыш”, “Казкі астранаўта” (касмічныя падарожжы беларусаў), “Казкі з гербарыя”. Аўтар драмы “Барбара Радзівіл” (прэм’ера ў тэатры “Вольная сцэна”, рэжысёр В. Мазынскі, 1994).

Лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Аркадзя Куляшова (1987), Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь імя Янкі Купалы (1994) і спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у намінацыі “Мастацкая літаратура” (1998).

Узнагароджана медалём Францыска Скарыны (2007).  

У кожным слове ёсць мастацтва,

жыве па прынцыпу адным:

з маленства ўступіш у сваяцтва-

не назавеш павек чужым.

 

І з гэтай простаю высновай

у моцу сіл сваіх пяеш,

са слова пачалася мова,

а што я, людзі, без яе?!

Раіса Баравікова

 

05.05. 2017

 

Дзякуй за Перамогу!

У гэты чацвер мы запрасілі да сябе ў госці знакамітага чалавека. Фёдар Іванавіч Крываногаў – ветэран Вялікай Айчыннай вайны. Ён, як ніхто іншы, ведае цану міру, таму з задавальненнем расказваў дзецям пра сваё жыццё. “Я добра памятаю сваіх настаўнікаў, - сказаў Фёдар Іванавіч, - яны накіравалі мяне на правільны шлях.” Вучыўся наш госць вельмі добра, выбраў прафесію лётчыка. Са жніўня 1944 года на фронце. Канец вайны сустрэў у Польшчы. Узнагароджаны ордэнам Айчыннай Вайны 2 ступені, медалём “За баявыя заслугі”, мае і іншыя дзяржаўныя ўзнагароды. Дзеці з задавальненнем слухалі і задавалі шмат пытанняў, доўга не адпускалі нашага дарагога ветэрана. Фёдар Іванавіч запрасіў нас у госці. Ад усяго сэрца мы віншуем Крываногава Фёдара Іванавіча і ўсіх ветэранаў са святам Перамогі, жадаем здароўя і баявога настрою. Вялікі дзякуй за Перамогу і мір на нашай Зямлі.  

 

28.04. 2017

 

У красавіку 105 год з дня нараджэння Леаніда Прокшы, выдатнага пісьменніка і журналіста. Ён напісаў шмат цікавых твораў для дзяцей. Вучні 5-х класаў з задавальненнем пазнаёміліся з аповесцю “Незвычайныя прыгоды хлопчыка-Бульбінкі”. Рабілі інсцэніроўкі, а таксама выказалі жаданне прачытаць і абмеркаваць іншыя захапляючыя творы Л.Прокшы.  

 

21.04. 2017

 

20.04.2017 у рамках Адзінага дня “Размаўляем па-беларуску!”вучні 10-х класаў нашай гімназіі наведалі бібліятэку-філіял № 2 імя І.Шамакіна і пабывалі на ўроку «Сэрца на далоні часу», прысвечанаму народнаму пісьменніку Беларусі І. П. Шамякіну. Перад заняткам вучні наведалі выставачную экспазіцыю, прысвечаную народнаму пісьменніку. Вучні пазнаёміліся не толькі з цікавымі фактамі з жыцця пісьменніка, але і з яго творамі, а менавіта з поўным зборам твораў у 23 тамах. Таксама для вучняў быў прадстаўлены фоталетапіс «Іван Шамякін: вядомы і невядомы», дзе па фотоздымках можна было прасачыць за творчым і жыццёвым шляхам пісьменніка. А дакументальная стужка “Імгненне жыцця” пра жыццёвы і творчы шлях пісьменніка нікога не пакінула абыякавым. Ад наведанага ўрока ў вучняў засталіся толькі прыемныя ўражанні!  

 

 

17.04. 2017

 

Тыдзень беларускай мовы і літаратуры “Гавары са мной па-беларуску” прайшоў у загадзя ўсталяваны тэрмін з 10 па 15 красавіка 2017 года. Мэта мерапрыемстваў прадметнага тыдня – папулярызацыя роднай літаратуры і мовы сярод вучняў; ушанаванне роднай мовы, а таксама юбіляраў 2016-2017 навучальнага года; уключэнне навучэнцаў ва адукацыйны працэс; развіццё пазнаваўчай і творчай актыўнасці; выяўленне і заахвочванне найбольш адораных вучняў. У прадметным тыдні прынялі ўдзел усе выкладчыкі роднай мовы і літаратуры, а таксама паралелі вучняў 5 – 11 класаў. План мерапрыемстваў быў складзены і абмеркаваны настаўнікамі на пасяджэнні МА. Усе мерапрыемствы прайшлі ў адпаведнасці з планам, зацверджаным кіраўніком МА. Мерапрыемствы прайшлі на высокім метадычным узроўні з выкарыстаннем інфармацыйных педагагічных тэхналогій.

10.04 у фае адбылося адкрыццё прадметнага тыдня акцыямі “Беларускія пісьменнікі пра родную мову і Беларусь” і “Размаўляем па-беларуску”. На працягу ўсяго тыдня быў наладжаны выпуск інфармацыйных газет, прысвечаных жыццю і творчасці Ф.Скарыны, Я.Купалы і Я.Коласа. З вялікім поспехам прайшла выстава малюнкаў да літаратурных твораў Я.Купалы і Я.Коласа “Як намаляваць слова”. Таксама вучні наладзілі выпуск мультымедыйных прэзентацый “Калі ёсць у народа такія, не загіне да веку народ”. Працавалі выставы ў кабінетах беларускай мовы і літаратуры “Помнікі Ў (нескладоваму)” і “Этнаграфічны куток”. Творчая вынаходлівасць і мастацкае афармленне газет, малюнкаў , прэзентацый і выстаў уражвала нетрадыцыйным падыходам і бачаннем.

11.04 у актавай зале была арганізавана інтэлектуальная гульня па творчасці Я.Купалы і Я.Коласа “Хто хоча стаць дзесяцібальнікам?” для паралелі 6 – 10 класаў. Мерапрыемства вылучалася прадуманай структурай правядзення і духам спаборніцтва каманд вучняў. Чыталіся вершы, прысвечаныя беларускай мове, камандамі была прадумана візітная картка і эмблема, якія раскрывалі матыў выбару, гучалі празаічныя ўрыўкі з твораў, быў праведзены конкурс капітанаў і конкурс пільных гледачоў. Каманды вельмі захапіліся выкананнем цікавых разнастайных заданняў, прымалі самы актыўны ўдзел у гульні, праявілі кемлівасць, паказалі свой слоўнікавы запас, а многія пашырылі яго.

Таксама ў гэты дзень прайшоў літаратурны марафон “5 хвілін з мастацтвам”, прысвечаны вобразам Янкі Купалы і Якуба Коласа ў творчасці беларускіх і замежных мастакоў. Вучні 8-ых і 11-ых класаў пазнаёміліся з рэпрадукцыямі карцін, якія знаходзяцца ў экспазіцыі Літаратурнага музея Янкі Купалы і іншых музеяў Беларусі, з дакументальнымі матэрыяламі, якія дапоўнілі вядомыя звесткі пра жыццё і творчасць гэтых аўтараў, даведаліся пра дзейнасць некаторых мастакоў (Сцяпана Андруховіча, Генрыха Бржазоўскага, Зянона Паўлоўскага і інш.), якія былі знаёмы з Я.Купалам і Я. Коласам і ў сваіх палотнах перадавалі не толькі знешні выгляд беларускіх песняроў, але і асаблівасці іх характараў, захапленні.

12.04 было арганізавана для вучняў 6-ых і 7-ых класаў пазакласнае мерапрыемства “Чароўнае слова”, прысвечанае творчасці Я.Купалы і Я. Коласа, а таксама нашай роднай беларускай мове, гісторыя якой няпростая і цікавая. Мерапрыемства прайшло ў форме інтэлектуальна-развіваючай гульні, якая садзейнічала абагульненню ведаў, набытых на ўроках беларускай мовы і літаратры, раскрыла творчы патэнцыял вучняў, садзейнічала выхаванню цікавасці да моўнага багацця беларускага народа. Вучні пазнаёміліся з цікавымі звесткамі з жыцця беларускіх песняроў, прачыталі шмат вершаў, прысвечаных Радзіме, стварылі ўласныя вершы, прысвечаныя Коласу і Купале, даведаліся, што абазначаюць некаторыя фразеалагізмы, ужытыя ў творах гэтых аўтараў. У перапынках паміж конкурсамі вучаніцы Вараб’ёва Вікторыя, Мальгіна Сафія і Мелешчава Вольга праспявалі песні “Мой родны кут, як ты мне мілы” (словы Я.Коласа, музыка І.Лучанка), “Спадчына” (словы Я.Купалы, музыка І.Лучанка ), “Малітва” (словы Я.Купалы, музыка А.Моўчаня).

Мерапрыемства ўражвала душэўнасцю, прамым зваротам да гледачоў, завочнай экскурсіяй па мясцінах Беларусі, вызначальных для нашых класікаў. Выкарыстанне мультымедыа і музычнага суправаджэння было апраўдана.

13.04 Да 135-годдзя з дня нараджэння класікаў беларускай літаратуры Янкі Купалы і Якуба Коласа з мэтай адлюстравання сувязі народных пісьменнікаў з літаратурным жыццём краю для вучняў 6-11-ых класаў прайшла інфармацыйная гадзіна “Янка Купала і Якуб Колас у творчасці пісьменнікаў Магілёўшчыны”. Увесь матэрыял складаўся з трох раздзелаў:

"Вершы, прысвечаныя Я. Купалу і Я. Коласу" (Мікола Аўрамчык “Вянкі Янку Купалу”, Кастусь Кірэенка “Якубу Коласу” (Да сямідзесяцігоддзя з дня нараджэння), Васіль Карпечанка “Наш Купала”, Вольга Кубека “Якубу Коласу” і інш.) вершы, загадзя падрыхтаваныя, прачыталі самі вучні;

"Зборнікі паэзіі з вершамі пра Я. Купалу і Я. Коласа" – вучні 8-ых і 9-ых класаў прадэманстравалі зборнікі вершаў і далі ім анатацыю:
     
Аўрамчык, М. Вянкі Янку Купалу : верш / Мікола Аўрамчык // Аўрамчык, М. Выбраныя творы : у 2 т. / Мікола Аўрамчык   Бруева, В. Сустрэча з Купалам : верш / Вера Бруева // Голас майго краю : вершы паэтаў Шклоўшчыны / укладальнік Л. Анціпенка   Ля помніку Купалу  
           
     
Карпечанка, В. Наш Купала : верш / Васіль Карпечанка // Карпечанка, В. Я родам з Будзішча : вершы / Васіль Капечанка. — Магілёў, 1994.   Кубека, В. Якубу Коласу : верш / Вольга Кубека // Гімн жыццю : вершы паэтаў Кругляншчыны / уклад. З. Мілешчанка. — Мінск, 2003  

Прыходзька, П. Плошча Якуба Коласа ў Мінску : верш / Пятро Прыходзька // Прыходзька, П. Каляровыя халады : вершы, паэмы, балады / Пятро Прыходзька. — Мінск, 1994

і многа і ншых.
 

"Літаратуразнаўцы-магілёўцы аб творчасці Я. Коласа і Я. Купалы"- вучні 10-ых і 11-ых класаў прадэманстравалі выданні аб творчасці Я. Купалы і Я. Коласа і далі ім анатацыю:
Аўрамчык, М. З імем Купалы — у сэрцы : успаміны / Мікола Аўрамчык // Аўрамчык, М. Знаёмыя постаці : нарысы / Мікола Аўрамчык. Бярозкін, Р. Свет Купалы: думкі і назіранні  Жураўлёў, В. П. Якуб Колас і паэтыка беларускага рамана

Мазалькоў, Е. Якуб Колас : крытыка-біяграфічны нарыс 

 

І многа іншых.

Таксама пасля ўрокаў у актавай зале была арганізавана літаратурна-музычная кампазіцыя “З песні пачынаецца Купала…” У ходзе мерапрыемства вучні 7-ых і 8-ых класаў прачыталі вершы, напісаныя Я.Купалам , і вершы, прысвечаныя Я.Купалу; расказалі цікавыя звесткі з жыцця і творчасці паэта. А вучаніцы 7”А” кл Мальгіна Сафія, Мелешчава Вольга і Вараб’ева Вікторыя праспявалі песні на словы Я.Купалы, вучаніцы 7 “В” кл Батура Марыя, Лачынава Дзіяна, Каладзінская Ірына, Церагулава Ганна, Шэйнікава Кацярына, Пракапішак Ніка праспявалі беларускую народню песню “”Купалінка”. Пад песню “Спадчына” вучаніцы 7-8 –ых кл прадэманстравалі танец. Напрыканцы мерапрыемства Святлова Ксенія, вучаніца 8”Б” кл, праспявала бадзёрую песню “Мая Беларусь”, пад якую ўдзячныя гледачы з захапленнем апладыравалі.  

14.04 прайшоў конкурс чытальнікаў “Чытаючы Якуба Коласа, Янку Купалу”.  

Што такое родная мова? Зразумела, кожны з нас адкажа на гэтае пытанне па-рознаму, бо кожны па-свойму разумее значэнне гэтага слова. Для вучняў нашай гімназіі родная мова — гэта вялікі скарб, з дапамогай якога яны выказваюць свае думкі, пачуцці, уражанні, перажыванні... У мэтах папулярызацыі гэтага духоўнага скарбу народа, выхавання ў падрастаючага пакалення павагі і любові да яго, цікавасці да твораў айчынных майстроў слова ў нашай гімназіі адбыўся гэты конкурс. Прыемна, што спрыялі літаратурнаму святу і сонечнае надвор’е, і добры настрой вучняў. Кожны з іх меў магчымасць самастойна выбраць твор на прапанаваную тэматыку. А ў час мерапрыемства дзеці не толькі выразна чыталі вершы, але і разгадвалі загадкі, тлумачылі значэнне прымавак і прыказак.  

Як прыемна гучала з вуснаў гімназістаў наша родная беларуская мова! У мерапрыемстве прынялі ўдзел 67 вучняў з розных класаў. Тэматыка вершаў была самая разнастайная. Вучні з захапленнем чыталі розныя вершы гэтых славутых пісьменнікаў. Пераможцы былі вызначаны ў некалькіх намінацыях і ўзнагароджаны дыпломамі.  

Удзячныя гледачы падтрымлівалі апладысментамі кожнага ўдзельніка конкурсу. Гэта сустрэча пакінула ў гледачоў і ўдзельнікаў шмат цудоўных уражанняў. Пасля прыгожага прачытання вершаў на беларускай мове вучні яшчэ раз упэўніліся ў тым, што наша мова самая прыгожая, самая мілагучная. Радасна, што мерапрыемства, прысвечанае роднай мове, пакінула светлы след у дзіцячых душах. Шанаваць гэты духоўны скарб, бараніць яго пяшчотную чысціню, паважаць гістарычную спадчыну народа, працягваць культурныя традыцыі продкаў – абавязак кожнага, хто нарадзіўся, вырас і жыве на беларускай зямлі. Спадзяёмся, што дадзенае мерапрыемства нікога не пакінула абыякавым.  

Таксама ў фае гімназіі і ў 115 кабінеце была арганізавана выстава “Вобраз Янкі Купалы ў творчасці беларускіх і замежных мастакоў ”. І вучні 1-11-ых класаў маглі азнаёміцца з рэпрадукцыямі карцін, прысвечаных славутым песнярам нашай Радзімы.  

Акрамя гэтага, сярод вучняў 6-ых класаў прайшло мерапрыемства “Рэчы маіх продкаў”. Вучні маглі далучыцца да этнаграфічнай спадчыны беларусаў. Нікога не пакінулі абыякавымі экспанаты, прадстаўленыя ўвазе гледачоў. Гімназісты мелі магчымасць бліжэй пазнаёміцца з экспанатамі этнаграфічнага кутка: качалі бялізну, завязвалі аборы ў лапцях, пралі кудзелю на верацяне. Вынікам мерапрыемства стала віктарына, дзе дзеці праявілі свае веды.  

Вучні 5-ых класаў у гэты час удзельнічалі ў літаратурнай віктарыне, прысвечанай жыццю і творчасці Янкі Купалы і Якуба Коласа.  

А вучні 7-ых класаў у гэты дзень праявілі свае веды ў пазакласным мерапрыемстве “Свята птушак”. Мерапрыемства праводзілася з мэтай паказаць вучням, якую карысць прыносяць птушкі; растлумачыць дзецям пра Міжнародны дзень птушак; развіваць памяць і вусную мову вучняў; выхоўваць у дзяцей беражлівыя адносіны да птушак.  

15.04 быў падведзены вынік акцыі “Ад Еўфрасінні, ад Скарыны, ад Полацка пачаўся свет”, якая стартавала ў канцы снежня. Пераможцамі сталі вучні 7-ых класаў: Белянкоў Кірыл і Міранцова Дарына. Іх праект “Помнік 22 літары беларускага алфавіта” набраў большую колькасць галасоў.  

Яшчэ быў праведзены конкурс “Любімы рэцэпт бабулі і маці”, у якім актыўна прынялі ўдзел вучні 7-х і 8-х класаў.Дзеці прапанавалі лепшыя рэцэпты сваіх бабуль, запісаныя на беларускай мове. Аўдыторыю гэта так зацікавіла, што быў абвешчаны яшчэ адзін конкурс “Смачна есці!” Тут ужо вучні мелі магчымасць пакаштаваць гатовыя стравы і даць ім ацэнку. Пераможцамі сталі Белянкоў Кірыл, Барысава Арына, Казлоў Аляксей, Кончык Дзяніс. Асабістая падзяка іх бабулям і маці!

Яшчэ адзін конкурс, які зацікавіў гледачоў, - гэта арганізаваны вучнямі міні-спектакль. На ўроках дадатковага чытання вучні 7-ых класаў разгледзелі апавяданне З.Бядулі “Пяць лыжак заціркі”. Твор выклікаў шмат эмоцый у падлеткаў…. Яны зноў рыхтавалі касцюмы, рабілі дэкарацыі… і які раз прыемна здзівілі гледачоў.  

 

13.04. 2017

 

У межах Тыдня беларускай мовы і літаратуры і Адзінага дня беларускай мовы ў гімназіі прайшла літаратурна-музычная кампазіцыя, прысвечаная Янку Купалу і яго творчасці, “З песні пачынаецца Купала…” У ходзе мерапрыемства вучні 7-ых і 8-ых класаў прачыталі вершы, напісаныя Я.Купалам , і вершы, прысвечаныя Я.Купалу; расказалі цікавыя звесткі з жыцця і творчасці паэта. А вучаніцы 7”А” кл Мальгіна Сафія, Мелешчава Вольга і Вараб’ева Вікторыя праспявалі песні на словы Я.Купалы, вучаніцы 7 “В” кл Батура Марыя, Лачынава Дзіяна, Каладзінская Ірына, Церагулава Ганна, Шэйнікава Кацярына, Пракапішак Ніка праспявалі беларускую народню песню “”Купалінка”. Пад песню “Спадчына” вучаніцы 7-8 –ых кл прадэманстравалі танец. Напрыканцы мерапрыемства Святлова Ксенія, вучаніца 8”Б” кл, праспявала бадзёрую песню “Мая Беларусь”, пад якую ўдзячныя гледачы з захапленнем апладыравалі.

Вучні 5-ых класаў сёння падарожнічалі па Чырвонай кнізе Рэспублікі Беларусь. Дапамагла зрабіць гэта падарожжа загадчыца гарадской дзіцячай бібліятэкі Дуброўская С.М. Падорожжа было прысвечана птушкам нашага краю, якія патрабуюць асаблівай абароны. Дзеці паслухалі цікавую легенду пра ўзнікненне птушак, актыўна паўдзельнічалі ў віктарыне і напрыканцы мерапрыемства зрабілі вынік, як зберагчы тое, што маем.  

 

 

07.04. 2017

 

Чацвер у гімназіі быў прысвечаны 135-годдзю з дня нараджэння знакамітых песняроў беларускага народа, народных паэтаў Беларусі Янкі Купалы (1882–1942) і Якуба Коласа (1882–1956), юбілей якіх адзначаецца ў 2017 годзе.

Сваімі творамі яны ўзнялі беларускую літаратуру на сусветны ўзровень, выявілі незвычайную сілу і творчую моц беларускага слова.

У гімназіі прайшлі акцыі “Чытаем Купалу і Коласа разам”, “Слухаем Купалу і Коласа” і “Спяваем песні і рамансы на словы класікаў”. У межах акцыі “Слухаем Купалу і Коласа” вучні паслухалі па гімназічнаму радыё гуказапісы вершаў, якія чыталі самі паэты: Купала, Я. Песня будаўніцтву, Купала, Я. Трэба нам песень, Колас, Я. Савецкія дні, Колас, Я. Урывак з выступлення Я. Коласа на вечары, прысвечаным яго 70-годдзю і інш. а таксама па радыё прагучалі творы паэтаў у выкананні вядомых артыстаў: Купала, Я. А хто там ідзе? выконвае М. Захарэвіч; Колас, Я. Асадзі назад выконвае Г. Аўсяннікаў; Купала, Я. Жняя выконвае С. Куравель і многія іншыя.

 У межах акцыі “Чытаем Купалу і Коласа разам” вучні наведалі літаратурную гасцёўню, дзе пазнаёміліся з першымі творамі аўтараў і з літаратуразнаўчымі артыкуламі пра дзейнасць паэтаў: “Янка Купала і Якуб Колас – дзецям”, “Тэма любові да роднай мовы ў творах Янкі Купалы і Якуба Коласа”, “Творы Янкі Купалы і Якуба Коласа, прысвечаныя жанчыне, маці, каханню”, “Выражэнне жыццёвага крэда ў творчасці Янкі Купалы і Якуба Коласа”.

У межах акцыі “Спяваем песні і рамансы на словы класікаў” для гімназіі прагучалі песні і рамансы: Бабулька / словы Я. Купалы ; спявае Уладзімір Мулявін; Беларускім партызанам кантата / словы Я. Купалы; музыка А. Багатырова; Маленькі летчык словы Я. Купалы ; музыка В. Белага // Піянерскія песні / выконвае дзіцячы хор; Мой родны кут / словы Я. Коласа ; музыка І. Лучанка выконвае Беларускі дзяржаўны ансамбль "Песняры"; Каханне / словы Я. Коласа ; выконвае Данчык; Зіма / словы Я. Коласа; Мікола Равенскі; выконвае Камэр. хор "Грайна" пад кіраўн. М. Кашчуры і многа іншых.

На стэндзе і ў кабінетах гімназіі вучні змаглі прачытаць Выслоўі, выказванні, афарызмы беларускіх песняроў на розныя тэмы: “Гонар, годнасць чалавека, народа; павага, пашана”, “Сям’я; бацькі, дзеці; родная хата; родныя, род; сувязь пакаленняў”, “Дзяцінства, вучоба і выхаванне маладога пакалення; веды і вопыт; асоба настаўніка, выхавацеля”, “Чалавек, яго існасць, вартасць, значнасць; месца на зямлі”, “Памяць чалавека, памяць пакаленняў; мінулае; спадчыннасць і спадчына”, “Радзіма, родны край, Бацькаўшчына; патрыятызм”, “У песні – душа і жыццё чалавека, яго мары і надзеі” і іншыя.    

31.03. 2017

 

У чацвер навучэнцы нашай гімназіі наведалі Магілеўскую абласную бібліятэку імя У.І. Леніна. Там іх чакала мерапрыемства, прысвечанае творчасці Я. Коласа і Я. Купалы “Твае песняры, Беларусь!”. Напрыканцы мерапрыемства дзеці мелі магчымасць прачытаць свой любімы верш названых аўтараў.  

   

23.03. 2017

 

27 сакавіка адзначаецца Сусветны дзень тэатра. У гімназіі прайшлі тэматычныя мерапрыемствы. Навучэнцы 8-ых даведаліся пра гісторыю стварэння тэатраў, пазнаёміліся з галоўным тэатрам нашай краіны - Дзяржаўным Акадэмічным Вялікім Тэатрам, пабывалі на віртуальнай экскурсіі па будынку Вялікага тэатра, змаглі ўбачыць фрагменты тэатральных пастановак. Таксама завочна пабывалі ў тэатрах Магілёўскай вобласці: Магілёўскі абласны тэатр драмы і камедыі імя В.Дуніна –Марцінкевіча ў г.Бабруйску, Магілёўскі абласны драматычны тэатр, Магілёўскі тэатр лялек, успомнілі, з чаго пачаўся тэатр – з батлейкі. Вынікам такога падарожжа стала праектаванне вучнямі будынка тэатра будучага.  

А вучні 5-ых класаў сёння “вандравалі” па Беларусі. Калі падарожжа прывяло на Магілёўшчыну, вучні вырашылі падрабязна ўспомніць гісторыю Магілёва, бо перш чым пазнаёміцца з гісторыяй чужых краёў, неабходна пазнаць бліжэйшую мясцовасць, сваю старонку, дзе ты нарадзіўся , вырас. Дзеці даведаліся, калі была створана Магілёўская губерня, дзе знаходзіцца самы высокі пункт вобласці, успомнілі буйнейшыя гарада Магілёўскай вобласці і інш. Пасля невялікага экскурсу ў гісторыю Магілёва, напрыканцы падарожжа вучні актыўна прынялі ўдзел у віктарыне “Мой родны горад – юбіляр”. Мерапрыемства праходзіла ў дружалюбнай абстаноўцы, якой садзейнічала нават добрае вясенняе надвор’е. Кожны з гімназістаў з гонарам зараз можа сказаць: “Мой родны горад – гераічны, славуты, прыгожы, непаўторны і самы любімы”.

Вучні 3-іх класаў таксама пазнаёміліся з гісторыяй узнікнення тэатральнага мастацтва на Беларусі. Прыгадалі вядомыя тэатры Беларусі, Магілёўскія тэатры. З асаблівым захапленнем гаварылі пра Магілёўскі тэатр лялек, які наведваюць некалькі разоў на месяц. Даведаліся пра вытокі тэатра – батлейку. Падзяліўшыся на 2 групы ,паспрабавалі свае сілы ў пастаноўцы спектакля : “Хто жыве ў двары”, “Курачка і кураняты”. Гледачы былі ўдзячны “артыстам ” і з цікавасцю паглядзелі імправізаваную батлейку.

 

Усе астатнія вучні гімназіі на перапынках напрыканцы чвэрці бавілі час пад песні сучасных беларускіх выканаўцаў, яны з задавальненнем танцавалі, а некаторыя вучні нават спрабавалі падпяваць беларускія песні. Такія перапынкі ствараюць пазітыўны эмацыянальны настрой вучням, і яны з задавальненнем чакаюць чацвер і беларускія песні.

 

 

 

16.03. 2017

 

З пачатку навучальнага года ўжо добрай традыцыяй стала праводзіць у нашай гімназіі Дні беларускай мовы. Вось і ў гэты чацвер таксама праходзіў Дзень роднай мовы.

Сёння ў госці да 5-ых класаў завітала ў чарговы раз Святлана Міхайлаўна, бібліятэкар гарадской дзіцячай бібліятэкі, з мерапрыемствам “Квітней, Беларусь мая дарагая!”

 Прэзентавала кнігі “Жывёльны свет Беларусі”, “Геральдыка Беларусі”, “Полацк – бацька гарадоў Беларусі”, “Вялікія і славутыя людзі Беларусі” і іншыя. Правяла цікавую віктарыну, прысвечаную славутасцям Беларусі. Дзеці з цікавасцю і захапленнем прынялі ў ёй удзел, узнавілі свае веды па гісторыі і літаратуры, даведаліся шмат цікавага і пазнавальнага.

Асабліва падабаюцца вучням музычныя перапынкі, у якіх прымаюць удзел дзеці розных узростаў. Перапынкі сённяшняга дня не сталі выключэннем. Вучні пачатковых класаў з задавальненнем танцуюць пад сучасныя песні беларускіх выканаўцаў.

Для вучняў 8-ых класаў прайшла “Лінгвістычная віктарына”. У межах віктарыны былі арганізаваны моўныя спаборніцтвы: “Конкурс скарагаворак”, дзе вучні паказалі сваю выразную дыкцыю; быў складзены “Бесталковы слоўнік” – гэта гульня слоў, заснаваная на падабенстве сугучча слоў і іх частак; “Конкурс тэлеграм” і іншыя. Лінгвістычная віктарына павысіла цікавасць да роднага слова, узбагаціла слоўнікавае багацце падлеткаў.  

 

 

 

09.03. 2017

 

Чацвер, 9 сакавіка, у гімназіі быў прысвечаны Святу вясны – 8 сакавіка. У гэты дзень вучні 8-ых класаў віншавалі сваіх маці на беларускай мове. Былі падрыхтаваны паштоўкі, прачытаны вершы – віншаванкі на роднай мове.

Асабліва цікавымі і эмацыянальнымі з’яўляюцца для ўсіх вучняў стаўшыя ўжо традыцыйнымі музычныя перапынкі. Сучасныя эстрадныя беларускія песні ствараюць вясёлы настрой і дазваляюць дзецям рухава правесці вольны час разам з сябрамі.  

 

 

02.03. 2017

 

У чацвер, прысвечаны Адзінаму дню беларускай мовы, у гімназіі адбылося шмат чаго цікавага. У фае гімназіі настаўнікаў, вучняў і іх бацькоў сустракаў цікавы тэматычны стэнд, прысвечаны пісьменнікам-юбілярам вясны 2017: А.Жуку, А. Гаруну і Р.Баравіковай, таксама на стэндзе можна было прачытаць інфармацыю пра сусветны дзень пісьменніка .  

 Для вучняў 8-х класаў была арганізавана інтэлектуальна-развіваючая гульня “Гучы, роднае слова! Жыві, мой народ!” У гульні ўдзельнічалі 2 каманды: “Беларусы” і “Патрыёты”. Вучні адправіліся ў віртуальнае падарожжа па Беларусі. Не выходзячы з кабінета, павандравалі па розных старонках культуры, літаратуры, мовы Беларусі. Гімназісты праявілі свае творчыя здольнасці ў конкурсе “Роднае слова”, а Ефсцефеева Аліна прачытала ўласны верш, прысвечаны роднай мове; таксама вучні паказалі кемлівасць у “Вясёлай віктарыне”; расказалі вядомае і даведаліся шмат новага пра нацыянальныя стравы, пра паходжанне назвы Беларусь. Найбольш спадабаўся конкурс “Замарочкі з бочкі”.

Мерапрыемстава садзейнічала абагульненню ведаў, набытых на ўроках літаратуры і мовы, а таксама самастойна набытых. Усе конкурсы дапамаглі раскрыць творчы патэнцыял вучняў, садзейнічалі выхаванню цікавасці да моўнага багацця беларускага народа. У ходзе мерапрыемства, вучні прыйшлі да выніку: пакуль будзе гучаць беларуская мова, пакуль мы будзем памятаць сваю гісторыю традыцыі - будзе жыць беларускі народ.  

Вучні 7-ых класаў прынялі актыўны ўдзел у конкурсе “Вокладка да аповесці “Сірочы хлеб” Янкі Брыля. Дзеці паспрабавалі сябе ў ролі рэдактараў. Ім гэта вельмі спадабалася. Усе, хто ўдзельнічаў, аб’ядналіся ў суполкі і абаранялі свае работы. Праца школьнікаў у камандзе – вялікі плюс, але пры гэтым ёсць магчымасць рэалізаваць уласныя ідэі. Пераможцамі сталі Калядзюк Сафія 7”Г” кл, Крапівіна Надзея 7”Г” кл, Белая Кацярына 7”Б” кл, Барысава Арына 7”Б” кл.

Урыўкі з аповесці Я.Брыля інсцэнірааліся дзвюма творчымі групамі: вучнямі 7 ”Б” кл і 7 “Г” кл, а пасля ацэньваліся гледачамі. Вучні загадзя выбралі эпізоды інсцэніроўкі: “Урок малявання”, ”Залатоўка”, “Перапынак.Незвычайнае снеданне”, “Развітанне пані Мар’і са сваімі вучнямі”.

На ўроках літаратуры школьнікі далі падрабязную характарыстыку кожнаму персанажу, ацанілі яго ўчынкі, манеру паводзін, вызначылі, якім павінен быць тэмп маўлення дзеючай асобы, як яна павінна гаварыць, рухацца, адабралі “акцёраў”, прыдумалі рэквізіты для паказу. Такая работа на ўроку спрыяла таму, што ў дзяцей атрымаліся сапраўдныя міні-спектаклі. А вучні ігралі свае ролі, як сапраўдныя артысты: з захапленнем, самаадданасццю.

Пасля паказу гледачам далі магчымасць выказацца наконт убачанага. Які персанаж спадабаўся найбольш? Каму найлепш удалася яго роль?

Удзельнікамі міні-спектакляў былі: Дарашкова Варвара, Брынза Вадзім, Шык Арцём, Лабкоа Аляксандра, Крапівіна Надзея, Шаўцова Кацярына, Казлоў Цімафей, Казлоў Аляклей, Дарашэвіч Арсеній, Калядзюк Сафія, Яшны Мікіта, Кончык Дзяніс,Селязнёва Дар’я.  

 

Настаўнікі гімназіі цесна супрацоўнічаюць з бібліятэкамі горада. 02.03.2017 адбылася цікавая чарговая сустрэча ў сценах дзіцячай бібліятэкіі ім. І.А.Шамякіна. Вучням 6-ых класаў была прадстаўлена цікавая экспазіцыя фотаздымкаў пісьменніка, яго сям’і, сяброў. З цікавасцю дзеці разглядалі выставу кніг, прагледзелі прэзентацыю пра жыццё і творчасць І.Шамякіна, праслухалі любімыя песні пісьменніка. Рабяты з захапленнем самі склалі віктарыну, самі ўдзельнічалі ў ёй. Дзеці , уражаныя мерапрыемстам, узялі кнігі менавіта на беларускай мове.  

 

На перапынках з маленькімі вучнямі гімназіі настаўнікі праводзяць беларускія народныя гульні  

 

16.02. 2017

 

З пачатку навучальнага года ўжо добрай традыцыяй стала праводзіць у навучальных установах нашай рэспублікі Дні беларускай мовы. Вось і 16 лютага (чацвер) у гімназіі №2 таксама праходзіў Дзень роднай мовы.

У гэты раз інфармацыйна-бібліятэчны цэнтр гімназіі стаў асноўнай пляцоўкай для мерапрыемства “Вытокі вуснай народнай творчасці”, у якім прымалі ўдзел вучні 4-х класаў. Дзеці з задавальненнем прымалі ўдзел у літаратурнай віктарыне, конкурсе загадак. Дазналіся аб звычаях, абрадах і традыцыях беларускага народа.

 

 

 

 

10.02. 2017

 

Пайшоў з жыцця Аляксандр Ціхановіч. Ён быў адным з самых папулярных у савецкі час беларускіх артыстаў і адным з самых вядомых выканаўцаў у сучаснай Беларусі. Менавіта таму сённяшні чацвер 9 лютага ў гімназіі быў прысвечаны памяці народнага артыста. На перапынках гучалі вядомыя песні ў выкананні Аляксанда Ціхановіча і Ядвігі Паплаўскай. Сярод вучняў 8-11 кл прайшлі тэматычныя класныя гадзіны, прысвечаныя дзеячам культуры Беларусі, сярод якіх пачэснае месца было адведзена фактам з жыцця і дзейнасці Аляксанда Ціхановіча. Акрамя таго, у фае гімназіі быў аформлены тэматычны стэнд “Памяці Аляксандра Ціхановіча прысвячаецца…”

 

03.02. 2017

 

У чацвер для вучняў 7-8 класаў прайшло мерапрыемства свята фразеалагізмаў, прыказак і прымавак “Сказаў як звязаў”. У чацвер для вучняў 7-8 класаў прайшло мерапрыемства свята фразеалагізмаў, прыказак і прымавак “Сказаў як звязаў”. У ходзе мерапрыемства вучні замацавалі і пашырылі веды пра фальклорную спадчыну нашага народа. На працягу свята было праведзена шмат конкурсаў, у якіх вучні праявілі розныя творчыя здольнасці, кемлівасць , уменне працаваць калектыўна на карысць кожнага. Асабліва спадабаўся і гледачам, і ўдзельнікам конкурс пантамімы “Зразумей мяне”.

 

26.01. 2017

 

Вучні 8 класаў падрыхтавалі інфармацыйную гадзіну “Гэта цікава ведаць”, прысвечаную выдатным дзеячам Беларусі і іх дасягненням.Знаёмства з дзеячамі адбывалася ў форме віктарыны. Вучні пашырылі свае веды аб жыцці і дзейнасці такіх славутых людзей далёкай мінуўшчыны і нашай сучаснасці, як Ефрасіння Полацкая, славутыя Полацкія князі, Ігнат Дамейка, Петр Клімук, славуты кампазітар і музыкант Міхал Клеафас Агінскі, першы беларускі летчык і касманаўт Петр Клімук, беларускі лаўрэат Нобелеўскай прэміі вучоны-фізік Жарэст Алфёраў і інш. Да старшакласнікаў далучыліся і вучні 2”В” класа, якія таксама з цікавасцю прынялі ўдзел у пазнавальнай віктарыне.

 

Вучнямі 7 “А” і “В” класаў былі арганізаваны агітбрыгады, якія падрыхтаалі літаратурна-музычны мантаж “Радзіма мая дарагая”. Вучні чыталі вершы беларускіх паэтаў пра Беларусь, пра родную мову, спявалі песні на словы беларускіх аўтараў пра Радзіму. Агітбрыгады свае выступленні арганізавалі для вучняў 1, 2 і 6-х класаў.Рабяты ў сваіх выступленнях перадалі любоў да Радзімы, любоў да літаратуры, паказалі прыгажосць і мілагучнасць роднай мовы. Звярнулі ўвагу на тое, што мы жывём у слаўнай і прыгожай краіне, якая называецца Беларусь. Яна ў нас адна і трэба яе шанаваць. І родная мова ў нас адна – шануйце яе і беражыце!

 

19.01. 2017

 

Вывучаем сімволіку Рэспублікі Беларусь. У чацвер 19 студзеня ў гімназіі адбылося пазакласнае мерапрыемства для вучняў школы, дзе яны падрабязна пазнаёміліся з нацыянальнай сімволікай: гербам, сцягам, гімнам, з паняццямі дзяржаўная і нацыянальная мова.

Мерапрыемства для гімназістаў падрыхтавалі вучні 8-х класаў. Для гледачоў прагучалі вершы, прысвечаныя Радзіме і яе сімволіцы. Удзельнікі мерапрыемста падрыхтавалі цікавыя прэзентацыі, даклады і песні пра родную краіну.

 

12.01. 2017

 

Страніца лепшая ў дзенніку жыцця (да 135-годдзяз дня нараджэння Янкі Купалы). У чацвер 12 студзеня у гімназіі адбылося пазакласнае мерапрыемства, прысвечанае 135-годдзю з дня нараджэння Я.Купалы.

Мы выраслі на яго творах. Як раніцу без сонейка, як птушку без песні, так і Беларусь нельга ўявіць без гэтай зоркі на небасхіле нашай літаратуры. Мы ўсе абагрэты яго цеплынёй, спавіты яго ласкай і пяшчотай. І наш абавязак – быць удзячнымі лёсу за тое, што даў нам такога творцу, і не даў згаснуць і згубіцца ў бязмежным космасе яркай зорцы, якая называецца Янка Купала.

Мерапрыемства для гімназістаў падрыхтавалі вучні 8-х класаў. У выкананні лепшых чытачоў прагучалі вершы Я.Купалы, урыўкі з паэм, вядучыя правялі цікавую і пазнавальную віктарыну , прысвечаную жыццю і творчасці паэта.

 

15.12. 2016

 

У межах Адзінага дня беларускай мовы вучні 6-ых класаў праінсцэніравалі п’есу “Цар Ірад”  і паказалі яе гімназістам. Рабяты падрыхтавалі цудоўныя касцюмы, самі зрабілі дэкарацыі і выконвалі ролі, як сапраўдныя акцёры. У сваіх выступленнях вучні  праявілі творчыя здольнасці, кемлівасць. Гледачы былі вельмі ўражаны і  задаволены. Вялікі дзякуй “артыстам”.

Таксама вучні 6-ых класаў паказалі імправізаваную батлейку.  З задавальненнем чыталі   словы за кулісамі  і размаўлялі  галасамі лялек, якіх самі і стварылі.

А вучні 7-ых класаў актыўна прынялі ўдзел у акцыі “Ад Еўфрасінні, ад Скарыны, ад Полацка пачаўся свет”. Сямікласнікі прапанавалі свае варыянты (праекты) помніка 22-й літары беларускага алфавіта – літары “ў”

 

08.12. 2016

 

8 снежня ў гімназіі ў межах Адзінага дня беларускай мовы прайшло пазакласнае мерапрыемства, прысвечанае 125-годдзю са дня нараджэння Максіма Багдановіча “Светлай памяці Максіма Багдановіча прысвячаецца…”

Вядучымі былі вучні 7 “А” класа, удзельнікамі мерапрыемста – вучні 5-9 класаў. Яны прачыталі вершы, прысвечаныя Максіму Багдановічу і вершы самога паэта, таксама праспявалі песні на словы Максіма Багдановіча.  

 

24.11. 2016

 

Гэту гульню мы заўсёды любім глядзець па тэлебачанні і проста марым паспрабаваць у ёй свае сілы. Мары збываюцца! 24 лістапада 2016 года ў нашай гімназіі адбыўся турнір вясёлых і знаходлівых. Дзяўчаты і хлопцы актыўна і з задавальненнем прынялі ўдзел у вясёлых віктарынах і конкурсах. Удзельнікі адгадвалі гістарычныя загадкі, расшыфроўвалі заблытаныя словы, адгадвалі рэбусы. Мноства выпала выпрабаванняў на лёс канкурсантаў. Асабліва напружана праходзіў конкурс капітанаў, кожны з іх дастойна хацеў прэзентаваць сваю каманду. Пытанні капітанам маглі задаць усе жадаючыя, якія прысутнічалі ў актавай зале. Найбольш актыўныя балельшчыкі прынеслі дадатковыя балы сваім камандам. Усе прысутныя з добрым настроем пакідалі залу, яны атрымалі шэраг уражанняў. Конкурс закончыўся, але ўспаміны аб ім яшчэ доўга будуць цепліцца ў сэрцах усіх удзельнікаў і гледачоў мерапрыемства.

 

17.11. 2016

 

17 лістапада ў гімназіі ў межах Адзінага дня беларускай мовы прайшло пазакласнае мерапрыемства “Свята беларускай песні” . Вядучымі былі вучні 8 “Б” класа Бурачэўская Карына і Аношанка Матвей. Яны прачыталі цікавыя вершы пра беларускія песні, а вучні 6-8 класаў праспявалі беларускія народныя і літаратурныя песні. Найбольш запомніліся гледачам песні ў выкананні Лосевай Варвары, вучаніцы 6 “Б” класа, песня “Васільковае неба”; Мальгіной Сафіі і Мелешчавай Вольгі, вучаніц 7 “А” класа, з песнямі “Гляне сонца ” і “Вёска”; Каладзінскай Ірыны, вучаніцы 7 “В” класа, песня “Неба Радзімы”; Шэйнікавай Кацярыны, вучаніцы 7 “В” класа, песня “Маці-зямля”, Святловай Ксеніі, вучаніцы 8 “Б”класа, з песнямі “Сокал” і “Мая Беларусь”; Капусцінай Марыі, вучаніцы 6”Б” класа, з песняй “Гэта Беларусь”. Амаль кожны нумар выклікаў авацыі гледачоў. Напрыканцы мерапрыемства вядучыя правялі віктарыну з гледачамі “Пазнай беларускую песню і назаві яе кампазітара і аўтара слоў”, заданнямі да віктарыны былі прыклады песен з падручнікаў па літаратуры. Мерапрыемства ўсе пакінулі з добрым настроем. Спадзяёмся, што беларуская песня абудзіла ў школьнікаў гонар за беларускую мову, за нашу Радзіму.

 

 

10.11. 2016

 

Дзень 10 лістапада ў гімназіі пачаўся незвычайна. У межах Адзінага дня беларускай мовы з самай раніцы вучні старэйшых класаў распаўсюджвалі сярод навучэнцаў і іх бацькоў лістоўкі “Прыказкі і прымаўкі роднай мовы”, “Загадкі па-беларуску”, “Фальклор – гэта…”.

На перапынках у файе гімназіі вучаніцы 9 “А” класа Болбат Веста, Маскалькова Марыя, Доманава Ангеліна арганізавалі акцыю “ Цукерка за прыказку”. У акцыі прынялі ўдзел вучні ўсіх класаў. Яны з задавальненнем успаміналі прыказкі і атрымлівалі за іх цукеркі.

 

Вельмі весела і цікава сярод вучняў 6-8 класаў прайшла гульня “Пазнай па малюнку фразеалагізм”. Дзеці праявілі не толькі сваю кемлівасць, але і мастацкі талент: акрамя адгадвання фразеалагізма па малюнку, яны і самі малявалі малюнкі да фразеалагізмаў.

Працягнуўся Дзень беларускай мовы “Конкурсам загадак”, у якім прынялі ўдзел каманды 6-х класаў. Гледачамі былі вучні 8 класаў, а ў журы ўваходзілі вучні 7-х класаў Каськова Ганна і Шышкунова Аляксандра. Вучні не толькі адгадвалі загадкі, але і самі прыдумвалі іх, прэзентавалі свае творчыя праекты, складалі крыжаванкі, загадвалі загадкі адзін аднаму з дапамогай пантамімы. Пад час выканання заданняў для каманд і гледачоў вучаніцы 7”А” класа Мальгіна Сафія і Мелешчава Вольга праспявалі народныя песні на беларускай мове. Удзельнікі конкурсу ўзнавілі і пашырылі веды пра загадкі, праявілі свае творчыя здольнасці.

З кожным такім мерапрыемствам вучні ўсе больш захапляюцца роднай мовай і жадаюць паглыбіць  свае веды ў  яе вывучэнні. 

Вялікі дзякуй усім вучням, якія прынялі ўдзел у мерапрыемствах у межах Дня беларускай мовы!

 

28.10. 2016

 

У чацвер 27 кастрычніка ў рамках  Адзінага дня беларускай мовы  вучні старэйшых класаў гімназіі №2 правялі  сярод малодшых школьнікаў вусны часопіс  “Наша спадчына – наш фальклор”.

Дзецям  было цікава пачуць паведамленне пра паходжанне беларускага фальклору, асаблівую цікавасць вызвала гісторыя ўтварэння  прыказак  і прымавак. Напрыканцы мерапрыемства вучні самі стваралі вусныя выказванні, ужываючы беларускія прыказкі і прымаўкі.

 

20.10. 2016

20 кастрычніка 2016 года ў рамках Адзінага дня беларускай мовы вучні 11-ых класаў гімназіі падрыхтавалі і правялі для вучняў 6-7-ых класаў цікавыя заняткі ў этнаграфічным кутку. Яны расказалі пра розныя старажытныя прылады працы беларусаў, паказалі, як імі карысталіся раней нашы продкі. Таксама дзеці пазнаёмілі з нацыянальнымі льнянымі вырабамі: кашулямі, ручнікамі, посцілкамі.

Убачанае так зацікавіла вучняў, што для пашырэння сваіх ўяўленняў яны вырашылі наведаць “Этнаграфічны музей г.Магілёва”!

19.10. 2016

ПЛАН   
мерапрыемстваў у межах адзінага Дня беларускай мовы
20.10.2016 г.


п/п

Назва мерапрыемства/клас

Месца правядзення/ час правядзення

Адказны

1

Афармленне інфармацыйнага стэнда
“Беларускія абрадавыя святы“

Файе гімназіі

Марозава С.А.

2

Дынамічныя перапынкі на беларускай мове

 2 паверх,
старэйшае, 10.45

Педагог-арганізатар Цішкова А.А.

3

Выстава дзіцячых малюнкаў “Беларусь-мая краіна”

1 паверх,
Малодшае крыло

Краўцова А.І.

4

 Вусная газета для вучняў старэйшых класаў “Шляхі развіцця беларускай мовы”

10.00
11.05

 

Жукавец Н.Р.,
Вучні 11-х класаў

5

Радыёгазета “Гучы, роднае слова!”

 

  Настаўнікі беларускай мовы і літаратуры

17.10. 2016

Нашым дарагім і любімым мамам прысвячаецца

Так, як маці, на свеце ніхто не ўмее
За дзяцей хвалявацца і перажываць.
Так, як маці, ніхто не ўмее на свеце
Немаўлят сваіх песціць, калыханку спяваць.
Так, як маці, ніхто цябе не разумее,
Яна словам суцешыць заўсёды ў бядзе.
Ад матуліных слоў цэлы свет харашэе,
Не, ніхто не заменіць, матуля, цябе...
Я. Крупенька “Мама”

Мама – самае цудоўнае слова на зямлі. Ва ўсіх мовах свету яно гучыць аднолькава пяшчотна. У мамы самыя пяшчотныя і ласкавыя рукі, яны ўсё ўмеюць. У мамы самае чулае сэрца, у ім не гасне любоў да дзяцей. Да мамы ідуць з радасцю і горам, па дапамогу і падтрымку. Мама адорвае дабрынёй і пяшчотай.
Мама... Якое слова можа з ім параўнацца?
Мама... У гэтым слове ласка і пачуццё.
Бачыш, сынок маленькі сонейку ўсміхаецца,
Ты яму, любая мама, сонца дала і жыццё.
В. Шымук “Маці”
Слова “мама” - наймілагучнейшае, найдаражэйшае слова на свеце. Што можа быць больш свяшчэнным, чым імя маці? Для любога з нас: дзіцяці, падлетка, юнака, пасівелага дарослага – маці – самы дарагі чалавек на зямлі, які даў нам жыццё.
У Беларусі, як і ў многіх краінах свету, з 1996 года дзень 14 кастрычніка зацверджаны як Дзень маці.
Дзень маці супадае з вялікім народным і царкоўным святам Пакроваў. Як тлумачыць праваслаўная царква, Пакровы – пакрывала Божай Маці, якая абараніла людзей ад бяды.
І нашы мамы гатовыя на самыя неверагодныя ахвяры дзеля шчасця сваіх дзяцей. Маці не проста любіць сваё дзіця, слабае і дужае, прыгожае і непрыгожае, спакойнае і крыклівае, маці разумее яго ў шчасці і горы, у смутку і радасці, калі жыццё жорстка абыходзіцца з ім.
Каб павіншаваць сваіх матуль з Днём маці, каб выразіць ім сваю любоў і падзяку, вучні шостых і сёмых класаў нашай гімназіі падрыхтавалі для сваіх матуль паштоўкі на беларускай мове. У іх яны сказалі шмат цёплых слоў пра сваіх матуль, пажадалі ім здароўя і шчасця. А вучні 8-11 класаў гімназіі самі напісалі вершы, якія прысвяцілі сваім матулям.
Гатавала мяне да жыцця,
Апранала і дапамагала.
Няма таго добрага пачуцця,
Якога ты б у мяне не абуджала.
Шляхі нашы даўно разышліся…
Але я цябе ўспамінаю,
Быццам дзве ракі разліліся,
Разліліся ад краю да краю…
Я працую, а ты ўжо старая,
У мяне ўжо ёсць свае дзеці…
Заўсёды хачу я сказаць:
“Мама! Ты самая лепшая ў свеце!”
Гэтыя шчырыя словы падабрала для сваёй мамы вучаніца 11 “Б” класа Жалязнова Аляксандра.

  Паглядзіце на сваіх матуль, і няхай мамы для вас застануцца назаўсёды самымі прыгожымі і дарагімі, самымі роднымі і любімымі. Маці прысвячае сябе дзецям, і дзеці павінны адказваць ёй любоўю, увагай, клопатам. Гэта  агульначалавечая норма. І ўсе мы павінны прытрымлівацца яе.

 

08.10. 2016

У рамках адзінага дня беларускай мовы ў мінулы чацвер (6 кастрычніка) у бібліятэцы гімназіі  для вучняў 2-х класаў быў праведзен вусны часопіс “Запрашаем ў казку”. На мерапрыемстве дзеці мелі магчымасць пазнаеміцца не толькі з беларускімі народнымі казкамі, а таксама з літаратурнымі казкамі. Каб пашырыць дзіцячы кругагляд была арганізавана кніжная выстава “Беларуская казка – розуму падказка”.

23.09. 2016

З пачатку навучальнага года ўжо добрай традыцыяй стала праводзіць у навучальных установах нашай  рэспублікі Дні беларускай мовы.  Вось і ў мінулы чацвер у гімназіі №2 таксама праходзіў Дзень роднай мовы.  

   Асабліва спадабаліся вучням  музычныя перапынкі, на якіх  прымалі ўдзел дзеці розных  узростаў.    Яны  з задавальненнем  танцавалі  пад сучасныя  песні  беларускіх выканаўцаў.
16.09. 2016

Прад табой старонкі кніг
З любым, мілым, родным словам,
Там бруіцца наша мова –
Мова прадзедаў тваіх.
К. Жук

15 верасня ў гімназіі прадоўжылася акцыя “Размаўляем па-беларуску”. У гэты дзень вучні і настаўнікі гімназіі  размаўлялі на роднай мове. Вучні старэйшых класаў распаўсюджвалі  сярод вучняў лістоўкі “Смак беларускай мовы”, “Апранайся па-беларуску”, “Хто самы ветлівы?”. Для вучняў пачатковых класаў іх старэйшыя сябры правялі цікавыя “Беларускамоўныя хвілінкі”, у час якіх расказалі пра гісторыю беларускай мовы, чыталі   вершы беларускіх паэтаў. На перапынках гучала беларуская  музыка, працавала выстава беларускамоўных кніг у бібліятэцы.

 

 

Copyright © Kivi-X, 2007

ГУО "Гимназия №2 г.Могилева"